“Сувязі” – новая галерэя пастаяннай экспазіцыі

Галерэя “Сувязі” – гэта эпілог пастаяннай экспазіцыі “1000 гадоў гісторыі польскіх яўрэяў”. У ёй нашчадкі польскіх яўрэяў і яўрэек з Нью-Ёрка, Тэль-Авіва, Сан-Паўлу і Мельбурна распавядаюць, што для іх значыць спадчына продкаў у сучасным свеце.

Жывая спадчына

Пастаянная выстава ў васьмі галерэях распавядае гісторыю яўрэйскай супольнасці на гістарычных тэрыторыях Польшчы цягам 1000 гадоў. Аднак сувязь ашкеназскіх яўрэяў са сваёй спадчынай не ведае геаграфічных межаў. Гэтая спадчына жыве ў смаках, сямейных фотаздымках, словах на ідышы, эмоцыях і ўспамінах, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў дамах па ўсім свеце.

Адносіны, то бок мнагамерныя сувязі

У новай галерэі мы прадстаўляем фільмы з удзелам яўрэяў і яўрэек, якія жывуць у розных частках свету. Яны нам распавядуць пра важнасць сувязі са сваёй спадчынай і гісторыяй. Яны пакажуць унікальныя адносіны, якія сфарміраваліся ў дыяспары пад уплывам мясцовага асяроддзя. Некаторыя з гэтых сувязяў маюць асабісты ці сямейны характар, іншыя аб’ядноўваюць цэлыя супольнасці.

Сучасныя галасы

Цэнтральным элементам галерэі з’яўляецца мультымедыйная інсталяцыя, якая прадстаўляе восем кароткаметражных фільмаў. Яны былі выбраныя на міжнародным конкурсе, у якім ў 2019 годзе ўдзельнічала 240 работаў. Фільмы засяроджваюцца на асабістых стасунках яўрэйскіх супольнасцяў, раскіданых па ўсім свеце, з Польшчай – учора і сёння.

Адзін з фільмаў-пераможцаў адбору – “Чызкейк” Касі Пайздзерскай – распавядае пра эмоцыі, якія выклікае торт, прагатаваны паводле стогадовага рэцэпту, прывезенага з Польшчы ў Мельбурн. Іншы фільм паказвае штогадовы марафон па прыгатаванні фаршыраванай рыбы (gefilte fish), які аб’ядноўвае пакаленні сям’і Гермелін у Дэтройце. За шмат месяцаў да ўрачыстай вячэры седэр яны гатуюць 200 порцый традыцыйнай стравы.

“Справа не ў рыбе… Справа ў любові і стратах, якія змяшчаюцца ў кожным кавалачку гэтай ашкеназскай ежы”, – распавядае рэжысёрка Рэйчэл Флэйт.

Унікальная прастора галерэі

Прастору галерэі стварыла вядомая польская дызайнерская студыя WWAA, якая ўжо супрацоўнічала з намі падчас падрыхтоўкі пастаяннай экспазіцыі. На столі можна пабачыць інсталяцыю з 613 маленькіх будынкаў. Гэтыя будыначкі – сімвал дамоў, якія яўрэі стварылі ў розных куточках свету. Яны размешчаныя ў перавернутым выглядзе, быццам бы паказаныя з космасу. Іх адбіткі на люстраных сценах расцягваюцца ў бясконцасць. Асвятленне галерэі змяняецца ў рытме дня – ад світанку да захаду сонца – і нагадвае жыццё ажыўленага горада. 

На падлозе можна ўбачыць мапу свету з пазначанымі месцамі, куды эмігравалі яўрэі. Мы зможам знайсці і тыя месцы, пра якія нашыя героі распавядаюць у фільмах. У прасторы галерэі чуваць музыку, якая была створаная спявачкай і кампазітаркай Вольгай Мыслоўскай і з’яўляецца сугучнай нашай сучаснасці. 

Галерэя “Сувязі” – гэта прастора рэфлексіі. Яе дызайн, у якім спалучаецца гульня святла і ценяў, музыка і люстраныя адбіткі, вызваляе інсталяцыю ад жорсткіх рамак, стварае ўражанне бясконцасці прасторы і часу.

Досвед эміграцыі

Галерэя “Сувязі” – гэта не толькі эпілог пастаяннай выставы, але і новы погляд на гісторыю польскіх яўрэяў і яўрэек. Яна паказвае, як яўрэйская спадчына існуе ў новай рэчаіснасці. Галерэя будзе пастаянна развівацца і дапаўняцца новымі гісторыямі. Міграцыя – гэта ўніверсальны досвед, і менавіта гэтая тэма стала адной з асноўных у гэтай прасторы. Людзі і сёння эмігруюць з розных прычынаў – як па ўласнай волі, так і вымушана. Але ў кожным выпадку пераезд неразрыўна звязаны з перажываннямі, памяццю і вопытам, якія захоўваюцца і перадаюцца праз пакаленні.