TISZ: Карэнне

Ужо сёмы год штовосень мы сустракаемся з вамі за сталом падчас TISZ – фестывалю яўрэйскай кухні. Сёлета мы вырашылі змяніць фармат гэтай падзеі. Гуманітарная драма ў Сектары Газа – голад і пакуты палестынскіх цывільных асобаў – можа здавацца далёкай і ніяк не звязанай з кулінарнай гісторыяй польскіх яўрэяў. Аднак для нас гэта не час для святкавання, а час развагаў: ці можа стол у сучасных умовах яднаць народы, супольнасці і сем’і? Ці здольныя мы хаця б на хвіліну адарвацца ад сацыяльных сетак і паразмаўляць пра тое, што нас аб’ядноўвае?

У гэтым годзе мы хочам вас запрасіць на камерныя сустрэчы, майстар-класы і шпацыры, якія будуць спрыяць дыялогу, увазе і адкрытасці. Кухня і агульны стол маюць сілу яднання, нягледзячы на нашыя адрозненні ў паходжанні, поглядах ці традыцыях. Мы хочам паказаць, што рэцэпты, смакі і рытуалы, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне, будуюць масты між мінулым і сучаснасцю, нагадваюць пра агульнае карэнне. Яўрэйская кулінарная традыцыя зарадзілася ў Леванце, таму і ў іншых кухнях рэгіёну можна знайсці стравы з тых жа прадуктаў. У дыяспарах на ўсходзе Еўропы яна паўплывала на польскую кухню  і сама змянілася пад уплывам мясцовых умоваў, прадуктаў і людзей.

Ежа – гэта носьбіт гісторыі, тоеснасці і памяці. Мы паслухаем гісторыі, што захаваліся ў сямейных рэцэптах і традыцыях, якія вандруюць разам з людзьмі і нясуць смакі і пахі роднага дому. Пачнём cа снядання на кірмашы, дзе пазнаёмімся з яўрэйскімі стравамі ў мясцовым экалагічным выкананні і пачуем гісторыі пра сямейныя рэцэпты, што захоўваюцца праз пакаленні. У наступныя дні на кулінарных майстар-класах свае здольнасці правераць людзі сталага ўзросту, падлеткі і дзеці. 

Таксама мы запросім вас на сустрэчу з нашай музейнай калекцыяй, дзе можна будзе пабачыць незвычайныя прадметы, звязаныя з кулінарнай культурай, і ў тым ліку адну асаблівую кулінарную кнігу.

Будуць і сустрэчы са спецыяльнымі гасцямі. З Берліна да нас прыедзе Лорэл Кратахвіла, заснавальніца культавых прастораў Fine Bagels і Le Balto, аўтарка кулінарных кніг "New European Baking" і "Dobre, dobre" пра польскую кухню яе вачыма. Лорэл распавядзе пра свае карані, якія вядуць ад Польшчы да Бостана. Падчас сустрэчы яна пачастуе ўдзельніц і ўдзельнікаў стравамі, прагатаванымі паводле яе ўласных рэцэптаў.

Добрыя рэчы варта рабіць разам, таму, як і штогод, мы запрасілі да супрацоўніцтва і іншыя ўстановы. Свае дзверы для нас адчыняць JCC Warszawa і Цэнтр кульуры ідыш, а таямніцы кашруту для нас адкрые Hillel Polska. Мерапрыемствы, якія будуць суправаджаць TISZ, таксама падрыхтуюць варшаўскія музеі: Этнаграфічны музей, Музей фармацыі, Музей Варшавы, Музей варшаўскай Прагі ў супрацоўніцтве з Домам культуры раёна Прага.

Запрашаем сустрэцца за адным сталом. 
 

TISZ: Карэнне

24.09.2025 - 24.09.2025
Лагатыпы спонсараў, партнёраў і медыя-патронаў фестывалю TISZ.